Рефераты - Афоризмы - Словари
Русские, белорусские и английские сочинения
Русские и белорусские изложения
 

Сымон-музыка


Кароткі змест:

Частка першая

   У сваёй сям'і Сымонка адчувае сябе лішнім. Бацькі яго ўвесь час папракаюць, што не такі, як усе, што "грэх адзін з ім, адно гора". Вясковыя дзеці таксама не прымаюць у свой гурт. Хлопчык палюбіў адзіноту.
   На каменьчык сядзе ў збожжы,
   Не схіснецца і маўчыць,
   Ловіць сэрцам спеў прыгожы,
   Як жытцо загаманіць,
   Як зазвоняць, заіграюць
   Мушкі, конікі, жучкі...
   Калі крыху набралася гадкоў, Сымонка пачаў ганяць у поле жывёлу. Пасябраваў з гуртавым пастухом дзедам Курылам ("Слаўны дзед, дзядок - душа, гаваркі, мастак на словы. I любіў ён малыша!").
   Аднойчы Сымонка пачуў, як гралі дудары.
   Слухаў хлопчык тое гранне,
   Пад сабой не чуў зямлі,
   Бо ўтых зыках чаравання
   Спевы ўласныя плылі,
   Струны сэрца ў ім дрыжалі...
   Запалонены гукамі музыкі, Сымонка забыўся і на авечак, "шкоды ў полі нарабіў", за што дасталося яму ад бацькоў і ад суседзяў. Дзед Курыла падарыў хлопчыку дудку, сэрцам адчуўшы ў ім музыку.
   Калі Сымонка выходзіў у поле і пачынаў іграць ("жальбу сэрца выяўляць"), серп застываў у руках жней.
   Сымонка расказвае дзеду "Песню аб званах". Сярод званоў на званіцы быў адзін незвычайны, чуллівы. Струны яго ніколі не маўчалі, адгукаліся на ўсё, што было вакол, але "прарэзлівым бразгатаннем спеў яго глушылі звоны і сціхалі з насмяханнем". У няроўным змаганні "надарваўся звон чуллівы, змоўклі песень пералівы".
   Курыла памёр ("згас стары дзядок без болю"). Адзіны, хто горка плакаў па ім, быў Сымонка. Перад смерцю дзед аддаў свайму малому сябру скрыпку і смык - багацце, што справіў за свой доўгі век, наказваючы:
   3 скрыпкай збудзеш сваё гора,
   3 ёю ты ўжо не адзін;
   Скрыпка - хлеб твой і апора,
   Дык шануй яе, мой сын.
   Сымона са скрыпкай пачалі запрашаць на вячоркі, на яго "нават дома ...сталі йначай пазіраць". Хлопчык не вельмі ахвотна "граў "кадрылі", "кавалі", яму быў больш блізкі "свет смутку".
   Позняй восенню на авечак у полі напаў воўк, хлопчык не мог абараніць жывёлы. Бацька ў злосці прагнаў сына з хаты. Потым яго гукалі, клікалі дамоў, "ды Сымонка не вярнуўся, слыху-голасу не даў".

Частка другая

   Сымонка забрыў на магілку дзеда Курылы, тут даў волю адчаю і слязам. На могілках хлопчык вырашае не вяртацца дамоў "здзек цярпець", а ісці ў свет, хоць ён бясконцы і чужы.
   Блукаючы па наваколлі, Сымонка сустрэўся са старым жабраком. Дзед той быў "страшны, бледны, абарваны, жыцця пасынак, бядак". Стары прапанаваў хлопчыку ісці разам, "яго шляхам".
   Шлі яны ад хаты к хаце,
   3 вёскі ў вёску, з краю ў край,
   У сярмяжках - латка ў лаце,
   3 адным толькі словам - дай!
   Слухаючы Сымонаву скрыпку, людзі давалі жабракам больш шчодра ("Грош завёўся ў дзеда ў латах - дапамог Сымон яму...").
   Досыць хутка хлопец пераканаўся, што "дзед залішне скупават", што ён круцель і хлус. Стары вучыць Сымона: "Зверам будзь сярод звяроў, між авечачак - ягняткам" - толькі так можна жыць сярод людзей. Расказвае яму казку пра варону, якая захацела стаць арліцай, лебедзем, ды нічога ў яе не атрымалася, бо "ёй прызначан сметнік".
   Ратуючыся ад навальніцы, дзед і Сымон трапілі на хутар. Выгляд хлопчыка ("Загарэў, бядак, ад сонца, твар лушчыўся і ліняў, і мізерна так бясконца гэты хлопчык выглядаў!") выклікаў спачуванне ў гаспадароў. "3-за ласкавага слоўка" гаспадыні, пачутага ўпершыню, Сымонка заплакаў наўзрыд. Потым Сымон пачаў іграць на скрыпцы. Гападары ўражаны музыкай. Запрасілі жабракоў за стол. Сымон, граючы, заўважыў "пару ясненькіх вачок", дачку гаспадароў.
   Дзеда і Сымона пусцілі начаваць у клуню. Хлопец не можа заснуць, уражаны хараством, ласкавасцю выгляду дзяўчынкі. Музыка просіцца з душы.
   Ганна выходзіць на Сымонава гранне. Хлопец расказвае пра сваё жыццё і казку пра непрыкметны дубок, якога крыўдзілі мацнейшыя. Дубок зрабіўся песняром.
   I спяваў ён так прыўдала
   У той час, як свет сціхаў,
   Што аж неба замірала,
   I зямля ўся замаўкала.
   Злыдні ссеклі "дзіва-дрэва". Ішоў тым месцам падарожны, зрабіў з дрэва дудку і адправіўся з ёй жабраваць. Але дудка іграла ўжо не так прыгожа. Заспявае яна па-ранейшаму, калі пачуе волю.
   Ганна нечакана пацалавала Сымона і знікла.

  Дзед кліча Сымона ў дарогу, але таго нідзе няма. Сымон, сагрэты чалавечай ласкавасцю, перажывае вялікае ўзрушэнне:
   Ён цяпер, бы на граніцы,
   ...Па адзін бок - блеск дзянніцы,
   Па другі - цьма, дзе ён жыў.
   Ён паверыў, што можа здабыць долю. Вольны, як птушка, кіруецца ў свет.
   Натрапіў на карчму Шлёмы. Убачыўшы хлопца са скрыпкай, людзі папрасілі сыграць. Насыпалі Сымону ў шапку грошай, наклалі на стол ежы за добрую музыку. Шлёма прапанаваў застацца ў яго. Сымон згадзіўся. Стаў найперш хлопчыкам на паслугах: "Ён па воду, ён па дровы, ён і ў пограб і ў салаш". Перад святамі зімой Сымон "да трэціх пеўняў граў". Каб Сымон ахвотней дапамагаў на кухні, Шлёма "смык і скрыпку адабраў".
   Хлопец разумее, што хітры Шлёма "скрыпку ўзяў у палон", каб ён не збег. Сымон думае, як вырвацца на волю. Дапамагае выпадак. Шлёма і яго вялікая сям'я шукаюць батрака Яхіма з канём. Сымон вызваляе скрыпку і пакідае карчму.
   На наступную раніцу ў лесе сустракае Ганну, яна збірала суніцы.
   Дзяўчына запрашае яго зайсці да яе бацькоў. Сымон абяцае, але не цяпер, цяпер ён хоча "дом пабачыць". Ганна просіць на развітанне паіграць.

Частка чацвёртая

   Ганна развітваецца з Сымонам. Нечакана з'яўляецца пан і пытае, хто тут нядаўна іграў. Ён загадвае Сымону ісці за ім. Ражком склікае злесу іншых паноў-паляўнічых і просіць хлопца "паіграць, як ты іграў!"
   Сымон трапіў у замак князя.
   Зашчымела сэрца болем:
   Зноў чыясь чужая воля,
   Улада новыў абцугоў!
   Пасля снедання пан Галыга ўстроіў экзамен "сыну торбы і зямлі". Талентам Сымона капельмейстар здзіўлены. Хлопец просіць Галыгу навучыць чытаць ноты, той нічога не адказаў, адправіў Сымона ў сад, нагадаўшы, каб помніў, хто ён ёсць.
   Замак Сымона прыгнятае. Ён задумваецца, адкуль князевы багацці:
   Чые рукі з мазалямі
   Тут зняслі свае дары?
   Потам, кроўю і слязамі
   Сцамантованы муры!
   У парку Сымон сустракае дзеда Данілу, які ў час палявання выратаваў князю жыццё і той узяў яго вартаўніком, хоць дзеду "больш быў мілы бор палескі, родны бор".
   Даніла расказвае, што ў парку адбываецца штосьці дзіўнае: "Хтось цярэбіць тут дарогу... Будзе змена, будзе змена!"
   Сымон пытаецца, хто ў свеце размяркоўваў багацці і "дзяліў несправядліва". Дзед адказвае, што "на ўсё ёсць свая часіна... Ёсць у свеце розум нейчы, ён і піша ўсім законы". Сымон не згодны пакорліва чакаць:
   Ой, не, дзедку: проціў сілы
   Можна ставіць толькі сілу,
   Калі хочаш ты ўстаць з пылу...
   Дзед мудра зазначае, што хлопец у замак трапіў не па сваёй волі і сваё змаганне адклаў да пары. Просіць Сымона сыграць. Запрашае хлопца жыць да сябе, бо не любіць "псярні панскай".
   Даніла знаёміць з паданнямі замка. Разам слухаюць стук сякеры ў парку. Гэты стук чутны кожную ноч, але ніколі дзед не бачыў ні зваленых дрэў, ні парубак.

Частка пятая

   У замку ладзіцца банкет. Падгуляўшы князь загадвае падаць "музыку-хлапака".
   Ён зайграў, і струны горка
   Адклікаліся - гулі,
   Аддавала іх гаворка
   Гневам-крыўдаю зямлі...
   Князь спытаў, што музыкай хацеў Сымон сказаць. Хлопец расказвае казку. Паміраў дуб, адна была на ім маладзенькая галінка, а на ёй жалудок. Паны спыніліся баляваць пад дубам, хвалячыся паляўнічым спрытам, збілі галінку з сынком-жолудам. Але вырасце з жолуда ў гаі дуб, "бура ўсходзіцца, завея", хто "зло-няпраўду сее, пажынае ліха". Сымон гаворыць, што князь "не мае волі-ўлады вольнай думцы даць парады".
   Сымон жыў надзеяй, што паны навучаць "чытаць кнігі, ноты тыя разбіраць". Рашыўся прасіць аб гэтым Галыгу. Той нагадвае, што хлопец надта смела трымаўся з князем, што за такія штукі ў мех садзяць...
   Вось затым сама прырода
   Вас пускае слепаком,
   Каб з вас менша была шкода.
   Раз мужык - будзь мужыком, -
   такі прысуд пана капельмейстра.
   Сымону стала ў замку невыносна, душа прасіла волі. Князь выпадкова быў забіты, у замку пасяліўся страх. У навальнічную ноч дзед Даніла і Сымон пакідаюць замак.
   Ганна чакае Сымона, яна вырасла ў вельмі прыгожую дзяўчыну. Маці раіць дачцы выкінуць музыку з галавы ("Ён - вандроўнік, ён - жабрак, сам без хлеба, сам без хаты..."), згадвае гаспадарскага сына Кандрата.
   Дамянік пабіўся з хлопцамі на заклад "сэрца Ганны паланіць", але праз нейкі час сам усур'ёз закахаўся. Ідзе да варажбіткі, каб тая дапамагла ў бядзе. Варажбітка адмовілася, бо паміж ім і дзяўчынай "хтось мілейшы ей стаіць", з якім разлучыць толькі смерць. Дамянік не паверыў:
   - Чмуціш ты і лжэш старая:
   Гвалтам я яе вазьму!
   Ён падпільнаваў Ганну ў полі. Дзяўчына кінулася ўцякаць, упала ў яміну, што яе ўратавала. Позна ноччу Ганну знайшлі непрытомнай.
   Сымон развітаўся з дзедам Данілам і пайшоў да Ганны. Каля хаты сустрэў журботную Ганніну маці. Жанчына расказвае пра сваё гора:
   - Наша Ганна навек хвора!
   Збіла краску, бы марозам, -
   Памяшаўся яе розум.
   Сымон просіць паказаць дзяўчыну.
   Ён глядзіць ёй пільна ў вочы,
   Бы ўвесь жар, агонь цішы,
   Перанесці ў мыслі хоча
   Яе зломанай душы.
   Ганна ўпала ў глыбокі сон. Сымон сядзіць ля яе. Потым бярэ скрыпку. Дзяўчына прачынаецца, пазнае Сымона, але яе поўніць страх. Пад светлую Сымонаву казку яна зноў заснула. Узыходзіць сонца і асвятляе спакойную, з усмешкай на вуснах Ганну.
   Пайшоў Сымон сваёй пуцінай...
   Панёс ён людзям песень дар...
   Рука ў руку з ім і з ахвотай
   Дзяўчына мілая ішла...
   I не кранала іх журбота,
   Не засмучала іх імгла. 

ref.by 2006—2022
contextus@mail.ru